Нашы продкі былі людзі ўмелыя, практычна ўсё для свайго карыстання рабілі сваімі рукамі. Вось як пра гэта пішуць гісторыкі: "Кожная вёска - гэта своеасаблівая дзяржава, з усім сваім - моваю, звычаямі, норавамі і побытам. Ды дзе вёска - кожны гаспадар, кожная гаспадыня імкнуліся быць ва ўсім незалежнымі, самастойнымі, абыходзіцца без чыёй бы і якой бы там ні было дапамогі. Трэба былі саха, барана, плуг, серп, калёсы, сані, сякера, граблі, піла, каса, лыжка, міска, гаршчок, вядро, дзежка, бочка - рабілі; трэба былі хамут, церассядзёлак, боты, світка, кажух, шапка, сарочка, штаны, рукавіцы - шылі; трэба былі вяроўка, атосы, лейцы, аборы - вілі; палатно, абрус, ручнік, коўдра, посцілка - ткалі... Самі, кожны сабе, будавалі хаты, хлявы, гумны, ёўні, лазні…”